КАНЧЭ́РТА ГРО́СА (італьян. concerto grosso літар. вялікі канцэрт),
жанравая разнавіднасць інстр. канцэрта, заснаваная на проціпастаўленні ўсяго складу выканаўцаў і групы салістаў (канцэрціна). Склаўся ў 17 ст. ў Паўн. Італіі (А.Страдэла, Дж. Тарэлі). Цыкл К.г. заснаваны на чаргаванні павольных гамафонных і хуткіх поліфанічных частак. Класічныя ўзоры К.г. ў творчасці А.Карэлі, А.Вівальдзі, Г.Ф.Гендэля. Прынцыпы інстр. выкладання, уласцівыя К.г., захоўваліся да 19 ст. ў прыкладной і праграмнай музыцы (І.Гайдн, В.А.Моцарт). У 20 ст. адраджаецца ў творчасці Э.Кшэнека, Б.Марціну, Э.Тамберга, А.Эшпая, А.Шнітке і інш. Сярод бел. кампазітараў да жанру К.г. звярталіся П.Альхімовіч, С.Бельцюкоў, Л.Шлег.
т. 8, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)